ВІ́ННАЯ МАНАПО́ЛІЯ,

выключнае права дзяржавы на выраб спіртных напіткаў і гандаль імі. Займае важнае месца ў сістэме падаткаабкладання даходаў на карысць дзяржавы за кошт тавараў усеагульнага спажывання. У ВКЛ выключнае права на выраб і продаж спіртных напіткаў належала вял. князю, які перадаваў яго пэўным феадалам і мяшчанству гарадоў. У Расіі вінная манаполія вядома з 16 ст., канчаткова замацавалася ў канцы 19 ст., калі з 1894 па ініцыятыве міністра фінансаў С.Ю.Вітэ пачала праводзіцца піцейная рэформа (з 1897 у Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ.). У СССР частковая вінная манаполія дзейнічала з 1923.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)